Кангрэс Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня 8 чэрвеня ў Нью-Ёрку, у грамадзкай залі на Атлантык Авэню 401 у Брукліне, прайшоў чарговы справаздачна выбары Кангрэс Беларуска –Амэрыканскага Задзіночаньня. У адпаведнасьці са Статутам БАЗА такія Кангрэсы праводзяцца раз на два гады. Папярэдні адбыўся 28 траўня 2011 году ў Гайленд Парку. У Кангрэсе бралі ўдзел непасрэдна ці праз упаўнаважаньні дэлегаты ад аддзелаў і гурткоў БАЗА з Нью-Ёрку, Нью-Джэрзы, Агайё, Вашынгтона, Канэтыкута, Каліфорніі, Фларыды. Дэлегатаў Кангрэсу прывіталі і пажадалі посьпехаў старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла і старшыня Згуртаваньня беларусаў Канады Валянціна Шаўчэнка, былі зачытаныя іх пісьмовыя допісы. Далей былі заслуханы справаздачы ад Галоўнай управы БАЗА і ад структурных арганізацый, а таксама інфармацыі ад рэдакцыі газэты “Беларус” і часапіса Belarusian Review. Дэлегаты Кангрэсу выказалі асаблівую падзяку за актыўную дзейнасьць Гуртку БАЗА у Вашынгтоне і ягонай старшыні Алесі Кіпель за эфектыўную працу па ўстанаўленьню і падтрыманьню кантактаў з дзяржаўнымі структурамі ЗША , па інфармаваньню іх пра беларускія праблемы. Таксама падзяка выказвалася Гуртку БАЗА ў Каліфорніі, старшыня якога Алесь Арцюховіч даслаў зьмястоўную інфармацыю пра іх актыўнасьць у арганізацыі беларускага жыцьця на заходнім узбярэжжы ЗША. Пазытыўна адзначана і дзейнасьць беларусаў у Канэтыкуце. На добрым узроўні распачаў сваю працу створаны ў канцы мінулага году Гурток у ў Паўдзённай Флярыдзе. Плённа дзейнічае ў Нью-Ёрку Бруклінскі аддзел БАЗА, шэрагі якога папаўняюцца, вынаходзяцца новыя формы грамадзкай працы. Пасьля зацьвярджэньня справаздачаў адбыліся выбары новага складу Галоўнай управы і Рэвізійнай камісіі БАЗА. У склад гэтых кіруючых і кантрольных органаў былі абраныя: Галоўная управа : Ганна Сурмач - старшыня Вячка Станкевіч – заступнік старшыні Сяргей Пятровіч - скарбнік Таня Красоўская – сакратар Ала Орса Рамана – культурна- асьветны сэктар, карэспандэнцыйны сакратар Наталія Ганчарук – сябра Валеры Дворнік – арганізацыйны сэктар Яўген Іванюк – моладзевы сэктар Рэвізійная камісія : Валянціна Трыгубовіч Сяргей Сарагавец - Расьціслаў Гарошка |


