Чарговы справаздачна-выбарчы Кангрэс Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА)
У адпаведнасьці са Статутам
БАЗА раз на два гады праводзяцца справаздачна-выбарчыя Кангрэсы. Чарговы
Кангрэс адбыўся 28 травеня 2011
ў грамадзкай залі пры беларускай царкве ў Гайленд Парку ў Нью Джэрзы. У Кангрэсе бралі ўдзел
дэлегаты ад Аддзелаў і Гурткоў БАЗА – з Нью Джэрзы, Нью-Ёрку, Вашынгтону,
Кліўлянду, Канэтыкуту, Каліфорніі. Сваіх дэлегатаў на Кангрэс не прыслаў
Нью-Ёркскі аддзел, які ўжо працяглы час беспадстаўна канфліктуе з Галоўнай
управаю. Нью-Ёрк прадстаўлялі дэлегаты Бруклінскага аддзелу, які быў створаны
год таму.
Старшынстваваў на Кангрэсе
сп. Вітаўт Кіпель, вядомы дзеяч
эміграцыі і шматгадовы сябра БАЗА. Са спаваздачным дакладам выступіў старшыня
Галоўнай управы БАЗА сп. Вячка Станкевіч, свае справаздачы зрабілі сябры
Галоўнай управы і прадстаўнікі Аддзелаў і Гурткоў. Асабліва зьмястоўнымі былі
інфармацыі пра дзейнасьць Бруклінскага аддзелу сп. Расьціслава Гарошкі, сп. Ірыны
Аскіркi з Вашынгтону і сп.
Ірыны Бакланавай з Канэтыкуту.
Таксама пра сваю працу па выданьню перыёдык распавялі сп. Ганна Сурмач – адказны
рэдактар газэты “Беларус” і сп. Віталь Алесіёнак –ад англамоўнага часапісу
“Беларускае рэвю”. Усе справаздачы былі прынятыя і адобраныя дэлегатамі.
У другой палове Кангрэсу
адбыліся выбары новага кіраўніцтва БАЗА – старшыні і складу Галоўнай управы.
Старшынёю Галоўнай управы
была абраная сп. Ганна Сурмач.
Склад Галоўнай управы:
Сяргей Пятровіч - заступнік старшыні.
Сяргей Капытка - скарбнік.
Таня Красоўская
- пратакольны сакратар. Вядзе пратаколы пасяджэньняў
і пратакольнае справаводзтва.
Юрась Зянковіч - карэспандэнцыйны сакратар. Рыхтуе карэспандэнцыю ў дзвюх
мовах, рассылае паведамленьні пра пасяджэньні, дае абвесткі і паведамленьні ў
газэты.
Ала Орса Рамана – адказная за культурна- асьветную
працу. Кіруе арганізацыяй культурных
імпрэзаў і нацыянальных сьвятаў, плянуе асьветную дзейнасьць.
Валеры Дворнік
- арганізацыйны унутраны дырэктар. Праводзіць арганізацыйную
працу па падрыхтоўцы мерапрыемстваў БАЗА.
Вячка Станкевіч - арганізацыйны вонкавы дырэктар. Адказвае за пашырэньне
арганізацыі, падтрымлівае сувязі з іншымі арганізацыямі і дзяржаўнымі
структурамі, са сродкамі масавай інфармацыі.
Віталь Алісіёнак - дырэктар па сацыяльна-дапамаговых
справах. Арганізацыя дапамогі сябрам
БАЗА ў справе наладжваньня жыцьця на эміграцыі, прыём і дапамога новым
эмігрантам.
На завяршэньне Кангрэсу дэлегатамі
і прадстаўнікамі новаабранага кіраўніцтва
былі выказаныя меркаваньні,
прапановы, парады і пажаданьні для будучай дзейнасьці БАЗА на сёмым
дзесятку яго існаваньня.
С Т А Т У Т
БЕЛАРУСКА-АМЭРЫКАНСКАГА ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ, Інк.
(PDF)
CONSTITUTION
and BY-LAWS
of
BELARUSAN-AMERICAN ASSOCIATION, Inc.
(PDF)
29-Я СУСТРЭЧА БЕЛАРУСАЎ ПАЎНОЧНАЙ АМЭРЫКІ
ў Саўт Рывэры, Н. Дж., 4-5 верасьня 2010 г.

У нядзелю 5-га верасьня пасьля банкету бальшыня ўдзельнікаў выйшла з залі Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру на супольны здымак, каб займець сабе памятку аб прыемна праведзеным часе. Фота Янкі Запрудніка.
Сустрэчу ладзілі супольна Беларуска-Амэрыканскаe Задзіночаньнe й Беларуска-Амэрыканскi Цэнтaр ў Саўт Рывэры.
Праграма першага дня двухдзённай Сустрэчы, названая “Кірмашом”, уключала ў сабе: песьні й музыку сям’і Валянтына й Тацьцяны Дзямешчыкаў
на сьвежым паветры ў паркавай зоне паміж будынкам Цэнтру й царквой сьв. Еўфрасіньні Полацкай, грыль з жаранінай і закускамі, бар, стэнды з кніжкамі ,
сувэнірамі, інфармацыйнай літаратурай пра Цэнтар Беларускіх Дасьледваньняў у Канзасе, гістарычна-інфармацыйныя стэнды,
прысьвечаныя 100-годзьдзю нараджэньня Ларысы Геніюш і 100-годзьдзю выхаду ў сьвет “Кароткай гісторыі Беларусі” Вацлава Ластоўскага,
паказ фільмаў, песьні Данчыка. Адбыўся валейбольны матч саўтрывэрскай і канадзка-ньюёркскай камандаў (перамагла саўтрывэрская зь лікам 3:0).
Заля Цэнтру была ўдэкараваная ў бел-чырвона-белыя матывы (дзякуючы сп-ні Соні Арцішэнка), а сьцены былі ўпрыгожаныя малюнкамі й фатаздымкамі
беларускіх мастакоў і фатографаў.
Фармальную частку Сустрэчы на другі дзень пасьля багаслужбаў адчыніў старшыня Галоўнай Управы БАЗА Вячка Станкевіч. Пад блаславенства ўладыкі
Сьвятаслава (БАПЦ) і а. Міхаіла, настаяцеля царквы сьв. Еўфрасіньні Полацкай, адбыўся банкет, у якім узялі ўдзел 110 асобаў. А калі палічыць
удзельнікаў усіх частак Сустрэчы, дык іх даходзіла да 200.
Прывітаньні на Сустрэчу прыслалі: мясцовыя кангрэсмэны Раш Голт і Фрэнк Палоўн, ньюджэрзійскія сэнатары Фрэнк Ляўтэнбэрг і Робэрт Мэнэндэз,
губэрнатар штату Крыс Крысты, аддзел БАЗА ў Кліўлэндзе, гурток БАЗА ў Паўднёвай Каліфорніі, Каардынацыйны Камітэт Канады, асабіста віталі
aд Згуртаваньня Беларусаў Канады сябра Галоўнай Управы ЗБК Алесь Кот і праф. Зіна Гімпелевіч ад канадзкай сэкцыі БІНіМ. Прыйшлі таксама
прывітаньні з Эўропы: ад Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”, ад беларусаў Вялікабрытаніі ў асобе Лёлі Міхалюк, aд др. Басі Пякарскай
(Аб’яднаньне Бацькоў Беластоку) ды ад лідэраў дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі Аляксандра Мілінкевіча й Алеся Міхалевіча. 
У залі Беларуска-Амэрыканскага Цэнтру ў часе банкету прадстаўнікі арганізацыяў і ўстановаў перадаюць прывітаньні. Фота Івонкі Сурвіллы.
На канфэрэнцыі, прысьвечанай тэме “Роля беларускай дыяспары – раней і цяпер”, прамаўлялі: др. Вітаўт Кіпель, Старшыня БІНіМ; Тацьцяна Кулакевіч, студэнтка Ньюёркскага ўнівэрсытэту; Ганна Сурмач, архівіст, арганізатар Першага зьезду беларусаў сьвету ў 1993 г.; Алег Гардзіенка, дасьледнік гісторыі беларускай дыяспары; Дзімітры Эльяшэвіч, былы старшыня ЗБК. Заключную прамову “Позірк у будучыню” прачытала Івонка Сурвілла, Старшыня Рады БНР. Мадэратам канфэрэнцыі быў др. Янка Запруднік.
У прынятай рэзалюцыі, між іншага, сказана: “Беларускія амэрыканцы й беларускія канадцы сочаць падзеі ў Бацькаўшчыне з завостранай увагай, бо працэсы зьменаў набываюць дынамікі. Дыяспара перакананая, што з ростам дэмакратыі й эканамічнай свабоды ў Рэспубліцы будзе расьці й роля эміграцыі ў эканамічным ды культурным жыцьці краіны”.
Праграма канцэрту, якую вяла др. Алла Орса-Романо, складалася галоўна з музыкі й песьняў. Выступілі салісткі: опэрная сьпявачка Ірына Мозылева (лірычныя песьні), салістка хору Цітовіча Сьвета Літвінава (народныя песьні), Валентын і Таня Дзямешчыкі (музыка, песьні), а таксама дзеці, вельмі забаўныя, з дэклямацыямі й песьнямі. Янка Запруднік, даўшы кароткую характарыстыку асобы й творчасьці Ларысы Геніюш, прачытаў ейны верш “Зубры”.
На вечарыне пасьля канцэрту быў заслуханы запіс успаміну пісьменьніцы Вольгі Іпатавай пра Ларысу Геніюш (чытала Галіна Падлеская), выступы Сяргея Шупы пра новую кнігу Зоры Кіпель “Дні аднаго жыцьця” ды праф. Зіны Гімпелевіч, аўтаркі кнігі “Беларуска-габрэйскія пісьменьнікі 20-га стагодзьдзя”.
Сустрэча, якая пачалася амэрыканскім гімнам, скончылася супольным выкананьнем беларускага “Мы выйдзем шчыльнымі радамі”. (Я.З.) 
Каля помніка змагарам за свабоду й незалежнасьць Беларусі.Фота Івонкі Сурвіллы.
|