Чарговы справаздачна-выбарчы Кангрэс Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня (БАЗА)

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА)
The Belarusan-American Association, Inc. (BAZA*)

У адпаведнасьці са Статутам БАЗА раз на два гады праводзяцца справаздачна-выбарчыя Кангрэсы. Чарговы Кангрэс адбыўся 28 травеня 2011ў грамадзкай залі пры беларускай царкве ў Гайленд Парку ў Нью Джэрзы. У Кангрэсе бралі ўдзел дэлегаты ад Аддзелаў і Гурткоў БАЗА – з Нью Джэрзы, Нью-Ёрку, Вашынгтону,Кліўлянду, Канэтыкуту, Каліфорніі. Сваіх дэлегатаў на Кангрэс не прыслаў Нью-Ёркскі аддзел, які ўжо працяглы час беспадстаўна канфліктуе з Галоўнай управаю. Нью-Ёрк прадстаўлялі дэлегаты Бруклінскага аддзелу, які быў створаны год таму.

Старшынстваваў на Кангрэсе сп. Вітаўт Кіпель, вядомы дзеяч эміграцыі і шматгадовы сябра БАЗА. Са спаваздачным дакладам выступіў старшыня Галоўнай управы БАЗА сп. Вячка Станкевіч, свае справаздачы зрабілі сябры Галоўнай управы і прадстаўнікі Аддзелаў і Гурткоў. Асабліва зьмястоўнымі былі інфармацыі пра дзейнасьць Бруклінскага аддзелу сп. Расьціслава Гарошкі, сп. Ірыны Аскіркi з Вашынгтону і сп.Ірыны Бакланавай з Канэтыкуту.Таксама пра сваю працу па выданьню перыёдык распавялі сп. Ганна Сурмач – адказны рэдактар газэты “Беларус” і сп. Віталь Алесіёнак –ад англамоўнага часапісу“Беларускае рэвю”. Усе справаздачы былі прынятыя і адобраныя дэлегатамі.

У другой палове Кангрэсу адбыліся выбары новага кіраўніцтва БАЗА – старшыні і складу Галоўнай управы.

Старшынёю Галоўнай управы была абраная сп. Ганна Сурмач.

Склад Галоўнай управы:

Сяргей Пятровіч - заступнік старшыні.

Сяргей Капытка - скарбнік.
Таня Красоўская - пратакольны сакратар. Вядзе пратаколы пасяджэньняў і пратакольнае справаводзтва.

Юрась Зянковіч - карэспандэнцыйны сакратар. Рыхтуе карэспандэнцыю ў дзвюх мовах, рассылае паведамленьні пра пасяджэньні, дае абвесткі і паведамленьні ў газэты.

Ала Орса Рамана – адказная за культурна- асьветную працу. Кіруе арганізацыяй культурных імпрэзаў і нацыянальных сьвятаў, плянуе асьветную дзейнасьць.

Валеры Дворнік - арганізацыйны унутраны дырэктар. Праводзіць арганізацыйную працу па падрыхтоўцы мерапрыемстваў БАЗА.

Вячка Станкевіч - арганізацыйны вонкавы дырэктар. Адказвае за пашырэньне арганізацыі, падтрымлівае сувязі з іншымі арганізацыямі і дзяржаўнымі структурамі, са сродкамі масавай інфармацыі.
Віталь Алісіёнак - дырэктар па сацыяльна-дапамаговых справах. Арганізацыя дапамогі сябрам БАЗА ў справе наладжваньня жыцьця на эміграцыі, прыём і дапамога новым эмігрантам.
На завяршэньне Кангрэсу дэлегатамі і прадстаўнікамі новаабранага кіраўніцтва былі выказаныя меркаваньні, прапановы, парады і пажаданьні для будучай дзейнасьці БАЗА на сёмым дзесятку яго існаваньня.